• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Лабараторыя тэатральнай фатаграфіі ўпершыню ўвайшла ў спецпраграму "М@rt.кантакту"

04.03.2020

Лабараторыя тэатральнай фатаграфіі ўпершыню ўвайшла ў спецыяльную праграму міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму М@rt.кантакт", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА куратар творчага праекта, магілёўскі фатограф Яўгенія Аліфірэнка.

Лабараторыя будзе працаваць у Магілёве на працягу ўсяго фестывалю з 21 па 27 сакавіка. "Праект рэалізуецца на маладзёжным форуме ўпершыню за 15 гадоў яго правядзення, - сказала субяседніца. - Ідэя ўзнікла ў час падрыхтоўкі фотавыстаўкі "Форум.zip 2.0", якая адкрыецца ў арт-фае Магілёўскага драмтэатра ў першы дзень фестывалю. Наша задача - не задакументаваць падзеі "М@rt.кантакту", а паказаць яго асаблівую атмасферу, закуліссе, адваротны бок. Гледзячы на здымкі мінулых гадоў, разумееш, што фестываль так і не адкрыўся гледачам з гэтага боку".

Да ўдзелу ў лабараторыі тэатральнай фатаграфіі запрашаюцца фатографы, якія любяць тэатр і адкрытыя да эксперыментаў. На працягу фестывальнага тыдня яны наведаюць усе мерапрыемствы форуму - спектаклі, майстар-класы, абмеркаванні крытыкаў. Кожны дзень па выніках работы яны будуць дзяліцца здымкамі і ўражаннямі, публікаваць іх у сацыяльных сетках і выбіраць фатаграфію дня. Творчае супрацоўніцтва будзе цікавым і інтэнсіўным, абяцаюць арганізатары.

Таксама ў спецыяльную праграму "М@rt.кантакт" увайшла маладзёжная медыялабараторыя. Гэта майстэрня стала ўжо традыцыйнай і ад форуму да форуму актыўна рэалізуецца ў сацыяльных сетках. Менавіта там удзельнікі лабараторыі пішуць міні-рэцэнзіі на спектаклі, публікуюць інтэрв'ю з акцёрамі, рэжысёрамі і крытыкамі, абмяркоўваюць апошнія тэатральныя падзеі. Мэта праекта - не навучыць кагосьці пісаць пра тэатр, а даць гледачу больш шырокае і поўнае ўяўленне аб жыцці форуму, адзначае куратар медыялабараторыі Вольга Семчанка.

У спецыяльную праграму форуму ў гэтым годзе таксама ўвайшлі лекцыя рэжысёра і арт-дырэктара расійскага фестывалю маладой драматургіі "Любімаўка" Юрыя Шахватава аб актуальнасці сучаснай драматургіі, майстар-клас па акцёрскім майстэрстве "Як зрабіць тэатр з нічога" ад вядомага расійскага драматурга, рэжысёра, акцёра і педагога Мікалая Каляды, майстар-клас "Эцюдны метад работы акцёра" ад рэжысёра і тэатральнага педагога, загадчыка кафедры Расійскага інстытута сцэнічных мастацтваў Веньяміна Фільшцінскага.

Акрамя гэтага, на форуме будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. На гэты раз акцёры пад кіраўніцтвам расійскага рэжысёра Мікалая Балабана створаць эскіз спектакля па паэтычнай драме Марыны Цвятаевай "Федра". У сваю чаргу ўдзельнікі першай драматургічнай лабараторыі пад куратарствам беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага напішуць п'есу аб Магілёве і яго жыхарах. Падагульняючы драматургічны матэрыял будзе прадстаўлены ў фармаце чыткі ў апошні дзень форуму на сцэне абласнога драматычнага тэатра.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М@rt.кантакт" у гэтым годзе адбудзецца ўжо 15-ы раз. У яго праграму ўвайшлі 24 спектаклі з 11 краін свету. Гэта ўнікальныя пастаноўкі як маладых, так і ўжо вядомых тэатральных калектываў. Гледачоў чакае шмат класічнага матэрыялу, які будзе прадстаўлены ў эксперыментальнай форме. За ўвесь час правядзення маладзёжнага тэатральнага форуму ў Магілёве было паказана 237 спектакляў, якія наведалі больш за 50 тыс. гледачоў.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI