• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Усе школы гатовы да пачатку навучальнага года Мінадукацыі

27.08.2018
27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усе школы гатовы да пачатку навучальнага года. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі - начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Магу канстатаваць з упэўненасцю, што ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі гатовы да пачатку навучальнага года, - сказала Ірына Каржова. - Мясцовыя распарадчыя органы стварылі камісіі, якія манітораць гатоўнасць устаноў адукацыі да пачатку навучальнага года. Пры прыёмцы ў першую чаргу звяртаецца ўвага на стварэнне бяспечных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу, забяспечанасць педагагічнымі кадрамі, навучальна-метадычнай літаратурай. Паводле даных на канец папярэдняга тыдня, было падпісана 99,9 працэнта пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі. Гэтыя дакументы падпісваюцца ў адпаведнасці з зацверджаным графікам, астатнія ўстановы адукацыі гатовы да падпісання, і ў бліжэйшы час гэта адбудзецца".

Яна таксама нагадала, што ў бягучым годзе Міністэрства адукацыі для правядзення ўрачыстых лінеек рэкамендавала дзве даты - 31 жніўня і 1 верасня. У асноўным святочныя мерапрыемствы пройдуць 1 верасня.

Паводле слоў прадстаўніка Мінадукацыі, у 2018-2019 навучальным годзе плануецца, што будуць функцыянаваць 3038 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Заняткі пачнуцца для амаль 1,1 млн навучэнцаў. "У тым ліку мы чакаем, што за парты сядуць 110 тыс. першакласнікаў. Да 1 верасня будуць адкрыты 3 новыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Адна з іх - у Мінску на 1020 вучняў, адна - у Бабруйску на тую ж колькасць, а таксама ў вёсцы Лескаўка Мінскага раёна - на 720 вучняў, - паведаміла Ірына Каржова. - У навучальным годзе будзе арганізаваны падвоз да месца навучання каля 72,3 тыс. вучняў. Будуць выкарыстоўвацца больш за 1,5 тыс. школьных аўтобусаў".

На бягучы год запланавана выданне 56 навучальных дапаможнікаў, з якіх - 44 новыя, а 12 - перавыданне. "Да 1 верасня ў адпаведнасці з планам выпуску выдадзены 50 навучальных дапаможнікаў. Цяпер ідзе іх дастаўка ва ўстановы адукацыі. Да 1 верасня ўсе яны будуць дастаўлены, - падкрэсліла Ірына Каржова. - У верасні-лістападзе будуць выдадзены астатнія дапаможнікі, якія з'яўляюцца дадатковымі і не аказваюць істотнага ўплыву на арганізацыю навучальнага працэсу. У прыватнасці, гэта задачнікі па фізіцы для 7-га класа. Арыгіналы іх макетаў будуць размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале".

Адметнай асаблівасцю навучальнага плана 2018-2019 навучальнага года стане тое, што ў 10-м класе для вучняў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні, уводзіцца прадмет "Працоўнае навучанне". Вучні змогуць асвойваць адукацыйную праграму прафесійнай падрыхтоўкі рабочых або служачых. Прыняты ўсе неабходныя дакументы. Калі ў школе няма магчымасці рэалізоўваць такую ​​адукацыйную праграму, то асвоіць яе можна будзе на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і іншай адукацыі.

Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі - начальніка ўпраўлення дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Альбіны Давідовіч, у новым навучальным годзе наведваць установы дашкольнай адукацыі будуць прыкладна 432 тыс. выхаванцаў. Навучаць іх будуць 56,5 тыс. педагагічных работнікаў. "Ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў у гэтым годзе ахоп дзяцей складае 95,8 працэнта, - сказала Альбіна Давідовіч. - Асноўныя напрамкі, над якімі мы будзем працаваць у новым навучальным годзе, гэта забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі, удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу і забеспячэнне здароўезберагальных умоў ва ўстановах". Да новага навучальнага года ўжо выдадзены 6 навучальных дапаможнікаў на беларускай і рускай мовах, поўнасцю забяспечана арганізацыя адукацыйнага працэсу з 1 верасня.

У 2018 годзе запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 17 устаноў дашкольнай адукацыі на 3130 месцаў. "З пачатку гэтага года ўжо ўведзены чатыры на 550 месцаў: у Гомелі, вёсцы Копішча Мінскага раёна, Мінску і Астраўцы. У пачатку навучальнага года мы таксама чакаем новыя дзіцячыя сады - 7 устаноў дашкольнай адукацыі на 1630 месцаў у Брэсце, Шчучыне, Гродне, Навагрудку, Фаніпалі і Мінску", - адзначыла Альбіна Давідовіч.

Як нагадаў начальнік упраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзмітрый Турчын, органы дзяржаўнага пажарнага нагляду пастаянна манітораць пажарную бяспеку ўстаноў адукацыі, а таксама будынкаў, дзе жывуць студэнты і слухачы. "У бягучым годзе праверана больш за 3 тыс. устаноў адукацыі, а таксама 546 інтэрнатаў, якія знаходзяцца на іх балансе, - паведаміў начальнік упраўлення. - Культура бяспекі з кожным годам павышаецца. І калі гаварыць аб тым, што падпісана 99,9 працэнта актаў гатоўнасці , то 0,1 працэнта - гэта парушэнні, якія ўстараняюцца на працягу дня-двух. У асноўным гэта загрувашчванне шляхоў эвакуацыі - магчыма, пасля школьных рамонтаў. Адзінкавыя выпадкі - неўкамплектаванасць асноўнымі сродкамі пажаратушэння". -0-