• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка: інавацыйныя распрацоўкі вучоных і канструктараў рэгіёну шырока ўкараняюцца і знаходзяць прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі

24.02.2023

Урачыстае адкрыццё выставы перадавых распрацовак і дасягненняў навукі «Беларусь інтэлектуальная» адбылося 24 лютага ў Магілёве. Экспазіцыя ў спарткомплексе «Алімпіец» будзе даступна для наведвальнікаў па 26 лютага ўключна. На ёй прадстаўлены звыш 30 прадпрыемстваў Прыдняпроўскага краю, усяго ж пляцоўка сабрала каля 170 удзельнікаў з усёй краіны.

У афіцыйнай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснікі старшыні аблвыканкама Руслан Страхар і Валерый Малашка, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч, намеснік Пётр Казакевіч і намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова.

Адкрываючы выставу, Анатоль Ісачанка падкрэсліў, што інавацыйныя распрацоўкі вучоных і канструктараў нашага рэгіёну шырока ўкараняюцца ў розных галінах, знаходзяць прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі: «У кожнага будзе магчымасць асабіста ў гэтым пераканацца. Мы пастараліся шырока прадставіць навуковы і вытворчы патэнцыял арганізацый Магілёўскай вобласці, а таксама нашай вузаўскай навукі».

На выставе прадстаўлены сотні распрацовак і вынаходстваў у розных галінах прамысловасці: сферах мікраэлектронікі і прыборабудавання, электратранспарту, касмічных тэхналогій, абароны і бяспекі, аграпрамысловага комплексу, аховы здароўя, IT-сферы.

«Прыемна адзначыць, што значная частка з іх ужо рэальна запушчана ў вытворчасць і паспяхова рэалізуецца, - працягнуў ён. - Вельмі важна, што пазнаёміцца з найноўшымі распрацоўкамі змогуць не толькі прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, але і наша моладзь - школьнікі, студэнты. Падобныя мерапрыемствы дапамагаюць развіваць у маладых людзей імкненне спасцігаць новае, лепшае і дабівацца вынікаў. Бо менавіта яны - будучыня нашай краіны.

Для нас вялікая адказнасць прымаць у сябе выставу «Беларусь інтэлектуальная». Упэўнены, што ўсе наведвальнікі адчуюць гонар за навуковыя дасягненні і патэнцыял нашай краіны. Мы ў чарговы раз даказваем, што Рэспубліка Беларусь хоць і невялікая па памерах, але пры гэтым эканамічна вельмі развітая і высокаінтэлектуальная краіна».

Анатоль Ісачанка нагадаў, што гэта выстава была арганізавана па даручэнні Прэзідэнта напярэдадні Дня беларускай навукі і з поспехам прайшла ў сталіцы. Яна выклікала высокую цікавасць у прафесіяналаў у розных галінах і ў звычайных грамадзян. Наведаўшы выставу ў сталіцы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што магчымасць азнаёміцца з навуковым патэнцыялам краіны павінна быць не толькі ў мінчан, але і жыхароў іншых рэгіёнаў. Так экспазіцыя вылучылася ў абласныя цэнтры.

Адзначыў вялікую цікавасць людзей да выставы не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах Леанід Мартынюк: «Часам мы шмат робім, але не заўсёды можам паказаць гэта годна і буйнамаштабна. А выстава «Беларусь інтэлектуальная» якраз дазваляе гэта ўбачыць, паколькі сёння развіццё эканомікі неаддзельнае ад навуковага складніка».

Памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што не толькі для прафесіяналаў, але і для кожнага жыхара нашай краіны важна бачыць новыя напрамкі і мець магчымасць пацікавіцца, як развіваецца сёння навука, чым жывуць прадпрыемствы і навучальныя ўстановы. Таксама ён акрэсліў асаблівую каштоўнасць рэгіянальнага сектара: «Кожны цікавіцца і хварэе за тое, што побач і што яму бліжэй. Есць жаданне прадаваць больш прадукцыі, якая выпускаецца ў рэгіёне, пазіцыянавацца не толькі на тэрыторыі рэспублікі, але і за мяжой. Таму прэзентацыя нашага, мясцовага, такая важная, бо часам людзі, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці, да канца не ведаюць усяго таго, што вырабляецца і выпускаецца ў рэгіёне».

У сваю чаргу Таццяна Сталярова, адказваючы на пытанні журналістаў, расказала, што выстаўка ў рэгіёнах захавала агульны кластарны прынцып фарміравання, пры гэтым набыла адметныя асаблівасці - кожная вобласць дадае непасрэдна свае распрацоўкі.

«Магілёў характэрны колькасцю прадстаўленых прадпрыемстваў. Вобласці, сапраўды, ёсць, чым ганарыцца: тут размешчаны такія брэнды як «Бабулін гладыш», «Магілёўліфтмаш», «Чырвоны харчавік» і іншыя. Імі рэалізаваны інавацыйныя праекты ў рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця і пры падтрымцы бюджэтнага фінансавання, асобныя заданні - у рамках навукова-тэхнічных праграм, - падзялілася яна. - Сёння можна казаць, што кааперацыя навукі і вытворчасці вельмі цесная. У прынцыпе, мы да гэтага і імкнемся. Хочацца, каб распрацоўкі нашых вучоных былі дастасавальныя ў галінах эканомікі - навука павінна быць не дзеля навукі, а з прыкладным эфектам.

У тым ліку Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях займаецца ў краіне тым, каб ствараць механізмы ўкаранення навуковых распрацовак у рэальны сектар эканомікі. Таму была такая ідэя дапоўніць выставу кластарам камерцыялізацыі распрацовак, дзе можна азнаёміцца з існуючымі ў краіне механізмамі па прымяненні і ўкараненні вынікаў працы вучоных на канкрэтных беларускіх вытворчасцях і прадпрыемствах. Часта мы бачым вынік, але не ведаем, як яго можна прымяняць».

Па словах Таццяны Сталяровай, навука павінна прыносіць эканамічны эфект, менавіта таму выставы, якія зараз праходзяць па рэгіёнах, з'яўляюцца той пляцоўкай кааперацыі, дзе навукоўцы могуць прадэманстраваць свае вынікі, паказаць свой патэнцыял рэальным вытворцам - тым, якія могуць прымяніць гэтыя распрацоўкі і інавацыйныя падыходы на канкрэтных прадпрыемствах.

«Такая кааперацыя якраз садзейнічае таму, каб наша эканоміка магла эфектыўна функцыянаваць і прымяняць усё тое лепшае, што напрацавалі нашы вучоныя, - падкрэсліла намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях. - Не адступаем мы і ад ідэі прэзентацыі кластара моладзевых ініцыятыў, таму што сёння стаіць задача як мага больш уцягнуць моладзь у навуку. Нам ёсць, чым ганарыцца ў сектары вну, які ўяўляе досыць цікавыя распрацоўкі. Гэта паднімае прэстыж прафесіі навукоўцаў».

Падтрымаў яе меркаванне і Пётр Казакевіч, адзначыўшы: «Мы акцэнтуем увагу на тым, каб на выставе былі прадстаўлены рэгіянальныя распрацоўкі. Моладзь, бачачы, што ствараецца побач з імі, адчувае ўзнёслыя пачуцці. Разам з элементам пазнавальнасці прыходзіць і гонар за тое, што робіцца ў тваёй краіне, у тваёй вобласці. А калі з'яўляецца гонар, узнікае і зацікаўленасць. Магчыма, нехта са школьнікаў, наведаўшы такую выставу, вызначыцца з выбарам прафесіі і ў будучыні прадставіць свае таленавітыя ідэі».

У ліку ўдзельнікаў кластара маладзёжных ініцыятыў - Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. Рэктар вну Міхаіл Лусцянкоў пазначыў, што практыкаарыентаванасць - адна з найважнейшых задач універсітэта:

«На розных прадпрыемствах у Магілёве намі створана дзесяць філіялаў кафедраў. Гэта значыць навучанне ідзе не толькі ў сценах універсітэта тэарэтычна і на адпаведных трэнажорах, але і праз праходжанне практыкі, калі студэнты выязджаюць і знаёмяцца з задачамі непасрэдна на вытворчасці».

Таксама Міхаіл Лусцянкоў расказаў, што на выставе БРУ прадставіў тры са сваіх асноўных навуковых распрацовак. «Па-першае, варта адзначыць, што наша кафедра зваркі - адна з самых магутных у рэспубліцы, дзякуючы чаму мы з'яўляемся галаўной арганізацыяй у прадстаўніцтве БелАЭС. Да распрацоўкі новых унікальных тэхналогій актыўна падключаюцца студэнты. Развіваюцца і так званыя адытыўная тэхналогіі, да прыкладу, на плаўленні з дапамогай зварачнага робата.

Другі напрамак - валаконная аптычная оптыка, тэхнічныя эндаскопы. У нас ёсць студэнцкае канструктарскае бюро, якое падключаецца да распрацоўкі і стварэння эндаскопаў, якія ўкаранёны па ўсёй рэспубліцы. Ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з арганізацыямі Расійскай Федэрацыі. Яшчэ адзін кірунак - інтэлектуальныя сістэмы кіравання. Па прынцыпе так званай індустрыі 4.0 - разумны дом, у нас распрацавана разумная зварка. З дапамогай нашых сістэм і GPS на любым участку можна адсачыць якасць. Гэта тэхналогія ўкаранёна на Беларуснафце.

Акрамя таго, на выставе прадстаўлены зварачны трэнажор, які дазваляе, надзеўшы маску, заварыць швы і ўбачыць усе перавагі і недахопы выкананай працы. Жывую цікавасць гэта выклікала нават у зусім юных, 7-8-гадовых, наведвальнікаў, якім пасля завяршэння працы выдаюцца дыпломы і сертыфікаты. Ёсць у нас і сістэма віртуальнай рэальнасці, з дапамогай якой можна адчуць сябе інжынерам-будаўніком, зазірнуць у будынак, ацаніць, як на пляцоўцы арганізавана ўся работа па будаўніцтве. Мы прапануем самы шырокі спектр спецыяльнасцей і практычна за кожнай стаіць навуковая школа. Студэнты актыўна падключаюцца да навучальнага працэсу, наладжана ўзаемасувязь на ўзроўні курсаў. А падобныя выставы - дадатковая магчымасць паўзаемадзейнічаць з моладдзю.

Хацелася б адзначыць, што кожную з нашых спецыяльнасцей можна назваць IT-арыентаванай. Гэта сфера сёння цікавіць студэнтаў і абітурыентаў. Любая спецыяльнасць, нават зварка, без ведання камп'ютара, праграмнага забеспячэння, навыку напісання праграм - немагчыма. Тэхнічныя спецыяльнасці даюць базавую прафесію, дадаткова да гэтага мы навучаем праграмаванню і ўсім тым кампетэнцыям, якіх патрабуе сучасны рынак».

Адным з першых наведвальнікаў выставы ў гэты дзень стаў пяцікласнік СШ №21 Бабруйска Мікіта Фралоў, хлопчык з захапленнем падзяліўся ўражаннямі: «На выставе ўбачыў вельмі шмат навінак. Асабліва мяне зацікавіў медыцынскі загойны лазер, пацікавіўся, як ён працуе. Зрабіў фота і відэа - дома пакажу бацькам. Яшчэ ўбачыў шмат ваеннай тэхнікі. Спадабалася, што можна ўсё чапаць, задаваць пытанні. А яшчэ, дзе ёсць QR-коды, можна адсканаваць іх і самому пазнаць падрабязную інфармацыю аб экспанатах. Вельмі рады, што мы з класам патрапілі сюды».

Для наведвальнікаў 25 і 26 лютага экспазіцыя будзе даступна з 10.00 да 18.00. На адкрытай пляцоўцы каля спарткомплексу ўвазе наведвальнікаў прадстаўлена выстава буйнагабарытнай тэхнікі. Таксама ў рамках мерапрыемства дзейнічае кірмаш выязнога гандлю харчовымі і нехарчовымі таварамі, арганізавана работа аб'ектаў грамадскага харчавання.

У апошні дзень працы адбудзецца ўрачыстая цырымонія закрыцця з уручэннем дыпломаў удзельнікам і арганізатарам.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч