• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Ірына Раінчык: сумеснае ўзаемадзеянне па пытаннях рэалізацыі праграм спрыяе развіццю дабрабыту жыхароў рэгіёна

09.12.2022

Аб ролі дэпутацкага корпуса ў рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыдняпроўскага краю ішла размова за круглым сталом у Палацы культуры вобласці. Мерапрыемства адбылося 8 кастрычніка. Яго ўдзельнікамі сталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар, кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Андрэй Ярцаў, старшыня праўлення абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, выканаўчая дырэкцыя абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Як адзначыла ў сваім уступным слове Ірына Раінчык, даны фармат сустрэчы з удзелам парламентарыяў усіх узроўняў выбраны не выпадкова, бо менавіта сумеснае ўзаемадзеянне па пытаннях рэалізацыі тых ці іншых праграм спрыяе паспяховаму, плённаму развіццю дабрабыту жыхароў рэгіёна.

«Сацыяльна-эканамічнае развіццё ўключае ў сябе развіццё ўсіх сфер жыццядзейнасці чалавека і краіны. Гэта значыць, што ад укладу кожнага з нас, ад укладу кожнага чалавека залежыць наша сучаснасць і будучыня. А час у нас зараз даволі напружаны. Мы адчуваем беспрэцэдэнтны ціск звонку. Нам як ніколі неабходна наладзіць працу з улікам рэалій часу, – падкрэсліла яна. – У цяперашні час, пасля змены Асноўнага закона нашай краіны, мноства заканадаўчых актаў падлягаюць змене. Праца ў гэтым кірунку вядзецца маштабная, праходзяць абмеркаванні на ўсіх узроўнях для таго, каб яны былі падрыхтаваныя максімальна якасна і працавалі эфектыўна».

Аб удасканаленні заканадаўства ў сферы грамадзянскай супольнасці, нацыянальнай бяспекі і працоўных адносін расказалі ў сваіх выступленнях члены Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Людміла Здорыкава і Наталля Тарасенка.

Таксама ў гэты дзень увага была накіравана на абмеркаванне пытанняў эканамічнай сферы, спікеры адзначылі, што хуткасць і маштаб змяненняў у глабальнай эканоміцы, фінансах, міжнародных адносінах нарастаюць і ў гэтым кірунку яшчэ трэба будзе сутыкнуцца з многімі выклікамі і рызыкамі. Тым больш відавочная неабходнасць імкліва ісці наперад, мяняцца, адчуваць дыханне часу і праяўляць для гэтага нацыянальную волю і рашучасць. Сёння актыўна задзейнічаюцца магчымасці міжпарламенцкіх пляцовак для прасоўвання эканамічных інтарэсаў Беларусі і Расіі. Таксама ў фокусе ўвагі – умацаванне сувязі з найбуйнейшымі эканомікамі Кітая, Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі, раскрыццё патэнцыялу Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Па тэме эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі ў сённяшніх рэаліях і новым этапе эканамічнай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы інфармацыяй з удзельнікамі сустрэчы падзяліліся Руслан Страхар і Андрэй Ярцаў.

«Тэма круглага стала – шырокая і шматгранная. Упэўнена можна сказаць, што сёння дэпутаты ўсіх узроўняў актыўна ўключаны ў гэты працэс. Што тычыцца сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў цэлым, хацелася б адзначыць самае важнае: эканоміка працуе. У гэтых умовах, нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, які адчуваецца з боку калектыўнага Захаду, мы змаглі адаптавацца і выпрацаваць неабходныя рашэнні, – падкрэсліў Руслан Страхар. – Мы працягваем нарошчваць экспарт. І варта адзначыць, гэта не столькі заслуга паўтара гадоў санкцый, гэта вынік апошніх 10–15 гадоў развіцця вобласці, на працягу якіх эканоміка рэгіёна трансфармавалася, стала больш збалансаваная і шматвектарная да знешніх выклікаў і пагроз. Так, яшчэ паўтара дзясятка гадоў таму яна была сканцэнтраваная на некалькіх прадпрыемствах, што адназначна ўплывала на агульны стан галіны ў выпадку крызіснай абстаноўкі. І задача эканамічнага штаба вобласці была нацэлена на стварэнне ва ўсіх рэгіёнах новых прадпрыемстваў. Актыўную ролю, у ліку іншых, адыграла і СЭЗ «Магілёў», дзякуючы гэтай працы апошнія пяць гадоў яна прызнаецца найлепшай у краіне.

Мы доўга працавалі над тым, каб эканоміка была збалансаваная. Актыўна прасоўвалі экспарт у Еўропу, удасканальваючы прадукцыю ў суадносінах кошту і якасці для таго, каб яна была канкурэнтназдольнай на рынку. І ў многіх галінах мы гэтага дасягнулі. Таму, калі раптоўна Еўропа закрылася, мы цалкам страцілі Украіну, нават у гэтых умовах асобна эканоміка Магілёўскай вобласці па выніках дзесяці месяцаў прырастае па экспарце – 106%. Гэта сведчыць аб правільна выбудаванай шматгадовай працы.

Важны момант – станоўчае сальда. Калі ў 2011 годзе яно было адмоўным і складала мінус $100 млн, то па выніках мінулага складанага, постпандэмійнага года, яно было рэкордным і склала плюс $1 млрд. Мы становімся ўсё больш экспартаарыентаваныя, плюс – праграма імпартазамяшчэння. Па выніках за дзесяць месяцаў мы ўжо наблізіліся да леташняй лічбы станоўчага сальда знешняга гандлю і плануем перавысіць гэты паказчык».

Акрамя таго, абмеркавалі парламентарыі і пытанні развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, ролі мясцовага самакіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач.

У завяршэнне сустрэчы адбыўся абмен думкамі. Ірына Раінчык падзякавала спікерам за выступленні, а ўдзельнікам – за актыўны ўдзел у гутарцы і меркаванні.

«Адбыўся прадметны, на мой погляд, практыка-арыентаваны дыялог, які не быў абмежаваны толькі з дакладамі аб станоўчых выніках дзейнасці ў няпростых сучасных умовах, але і закрануў тую праблематыку, на якую мы з вамі, як дэпутаты, кожны ў сваім рэгіёне, населеным пункце павінны звярнуць увагу. Улічыць усе пасылы, якія сёння прагучалі падчас працы круглага стала. У тым ліку пры падрыхтоўцы нашых асноўных дакументаў, якія мы будзем разглядаць і зацвярджаць на сесіі. Гэта і бюджэт, і прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця», – рэзюмавала яна.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч