• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі ў Горках

18.01.2021

Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі сёння ў Горках. Сюды пераехала шматдзетная сям’я Вольгі Драздовай. Зараз на выхаванні жанчыны знаходзяцца чацвёра дзяцей – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі.

Новы дом, вялікі і ўтульны, размясціўся на вуліцы Янкі Купалы. У ім два паверхі і сем пакояў. Як расказала маці-выхавальніца Вольга Драздова, зараз у кожнага дзіцяці ёсць свой куток. «Нас забяспечылі ўсім неабходным для камфортнага жыцця: уладкаваныя пакоі, кухня, ёсць дзіцячая пляцоўка. Засталося толькі трохі сваіх рэчаў дадаць і ўсё», – адзначыла жанчына.

Сваю працу як маці-выхавальніца Вольга Драздова пачала ў 2003 годзе. За гэты час узяла на выхаванне 15 дзяцей. Дзеці паспяхова адаптаваліся ў сям’і, прайшлі сацыялізацыю. Жанчына надае вялікую ўвагу не толькі выхаванню і развіццю дзяцей, але і ўмацаванню іх адносін з біялагічнымі маці. А акрамя гэтага, яна падтрымлівае цёплыя адносіны з усімі 11-ю выпускнікамі свайго дзіцячага дома.

«У мяне маіх тры сыны. Першапачаткова я думала, што вазьму два хлопчыкі і дзяўчынку. Першымі ў мяне былі два браты. І калі я зразумела, што хлопчыкі – і мае, і прыёмныя – разам гуляюць, бегаюць на футбол, я зразумела, што дзяўчынцы тут будзе сумна. А хлопчыкі – яны ўсе разам. Гэтай зімой у нашу сям’ю патрапілі першыя дзяўчынкі-двайняткі Арына і Карына. Банцікі і касічкі заплятаць я не ўмею, але яшчэ навучуся. І ў выхаванні дзяцей гэта, напэўна, адзінае адрозненне хлопчыкаў ад дзяўчынак, – распавяла Вольга Драздова. – Гэты боль, які застаецца ў сэрцах дзяцей пасля таго, як іх кідаюць бацькі, нічым не вылечыць. Нават калі ты створыш ім разнастайныя ўмовы для нармальнага жыцця і развіцця. Гэта нямое пытанне «чаму так атрымалася?» яны будуць несці з сабой усё жыццё. І каб так не атрымлівалася ў маіх дзяцей, я стараюся знаходзіць іх біялагічных мам, дапамагаю наладзіць кантакт. Гэта важная і патрэбная праца. І яна прыносіць свой плён. Некаторыя мамы аднаўляюцца ў сваіх правах».

Як адзначыў падчас урачыстага адкрыцця новага дома першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч, у Беларусі надаецца асаблівая ўвага абароне мацярынства і дзяцінства. «Дом выдатны і прыгожы. Наша дзяржава, наш Прэзідэнт надаюць вялікую ўвагу абароне мацярынства і дзяцінства. Сёння ў гэты касмічны, электронны век цяжка назваць, што можа выхаваць дзіцяці лепш, чым сям’я. Яшчэ ніхто не прыдумаў чагосьці лепшага, – падкрэсліў ён. – Трэба дзякаваць такім людзям, як Вольга Міхайлаўна, якая 17 гадоў займаецца выхаваннем, здавалася б, чужых дзяцей, але для яе яны як родныя. І ў той жа самы час яна не губляе сувязі з тымі сем’ямі, што пазбавіліся бацькоўскіх правоў. І ёсць прыклады, калі яна дапамагла бацькам аднавіцца ў правах, і дзеці вярнуліся ў гэтыя сем’і. Хачу падзякаваць ёй, павіншаваць з наваселлем. Дзеці, якіх Вы выхавалі (а гэта не адно пакаленне) сталі сапраўды добрымі і годнымі людзьмі нашай краіны».

Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк павіншаваў усіх прысутных з адкрыццём новага і важнага сацыяльнага аб’екта. «Тое, што сёння адкрываем дом, гаворыць пра тое, што дзеці, якія будуць у ім жыць яшчэ не адзін дзясятак гадоў, будуць адчуваць клопат, увагу сям’і і дзяржавы і вырастуць сапраўднымі патрыётамі. Яны будуць людзьмі, якія ўмеюць добра працаваць на карысць сваёй Радзімы, памнажаць усё, што было створана іншымі пакаленнямі. Далучуся да слоў падзякі маме. У Вас вельмі вялікае сэрца. Дзеці адчуваюць Вашу любоў, разумеюць і цэняць клопат, – адзначыў Леанід Мартынюк. – Хочацца ўсіх павіншаваць з новым сацыяльным аб’ектам, пажадаць, каб ён прыносіў карысць. Дзеткам пажадаць берагчы тое, што ім падарылі. Праз год прыеду да Вас у госці і пагляджу, які агарод, якія дрэвы выгадавалі, як косіце траву, бо ў працы і стварэнні нараджаецца нармальная асоба».

Старшыня Горацкага райвыканкама Аляксандр Бутараў адзначыў, што ў Горацкім раёне няма ні аднаго дзіцяці, якое знаходзілася б у інтэрнаце, усе дзеці знаходзяцца ў прыёмных сем’ях. «За апошнія гады выпрацавана схема, паспяховую працу якой мы бачым на рэальных прыкладах. Упэўнены, што гэты аб’ект, разлічаны на 10 прыёмных дзяцей, паслужыць новым імпульсам для таго, каб мы ў раёне маглі сацыяльна абараніць нашых дзяцей. Важна выхаваць і выгадаваць іх у сям’і. І ў гэтай працы ніхто не застаецца абыякавым. Палітыка нашай дзяржавы, пільная ўвага старшыні Магілёўскага аблвыканкама да праблем дзяцей – усё гэта дапамагае ствараць адэкватныя ўмовы для жыцця і развіцця дзяцей. У будаўніцтве гэтага дома актыўны ўдзел прынялі прадпрыемствы і арганізацыі нашага раёна. Хачу падзякаваць усім за вялікую сумесную працу», – падкрэсліў ён.

Навасельцам сёння падарылі камп’ютар, сертыфікаты на бытавую тэхніку, корпусную мэблю і іншае.