• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

У Магілёўскай вобласці асноўныя інвестыцыі ў 2023 годзе накіроўваюць на будаўніцтва і рэканструкцыю дарог

28.02.2023

На першых ролях - дублёр

Да нядаўняга часу з мінскага напрамку ў цэнтр Магілёва можна было дабрацца толькі адным шляхам, таму пастаянныя аўтамабільныя пробкі сталі сапраўднай праблемай. А з улікам мікрараёнаў Спадарожнік, Спадарожнік-2 і Казіміраўка сітуацыя толькі пагаршаецца. Таму для магіляўчан так важна будаўніцтва дарогі-дублера вуліца Якубоўскага — Загарадная шаша, якая ўключана ў дзяржінвестпраграму на бягучы год. Гараджане ўжо ўздыхнулі з палёгкай, калі будаўнікі злучылі кольца Касманаўтаў і вуліцу Пысіна. Цяпер дарожнікі прыступілі да другога этапу ўзвядзення магістралі.

1750 метраў шасціпалоснага бетоннага палатна ад гатовага ўчастка дублёра да газаразмеркавальнай станцыі ля пасёлка Гарадшчына зможа прапускаць да 20 тысяч машын за суткі. Праектам таксама прадугледжаны абноўленыя інжынерныя сеткі, веладарожкі, сучаснае асвятленне, шумаахоўныя экраны, падземны пераход і транспартнае кальцо на скрыжаванні з вуліцай Бялыніцкага-Бірулі.

Сем дзён у тыдзень на аб'екце задзейнічаны звыш 80 адзінак тэхнікі, больш за 130 работнікаў, удакладняе кіраўнік праекта ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3» Юрый Буякоў:

– Што называецца, ловім надвор'е. З кожным днём магістраль прамалёўваецца ўсё больш выразна, прыемна паглядзець. На падрыхтоўчым этапе, які стартаваў у ліпені, сутыкнуліся з тысячай пытанняў. Напрыклад, нам трэба дэмантаваць больш за 900 гаражоў. Ільвіную долю ўжо знеслі, але з уладальнікамі некаторых не можам звязацца да гэтага часу. Трохі зацягнулася адсяленне людзей з жылля, якое падлягае зносу. 13 сем'яў пераехалі, у адной - кватэра яшчэ будуецца. Да канца месяца завершым рэканструкцыю высакавольтных ліній электраперадачы. Для выканання работ патрабуецца іх адключэнне, а значыць, узгадненне са спажыўцамі. Так што падрыхтоўчы этап ідзе паралельна з асноўным будаўніцтвам.

Сваё месца ўжо занялі чатырохметровыя шумаахоўныя экраны, якія расцягнуліся амаль на паўтара кіламетра ўздоўж Гарадшчыны. Устаноўлены светлавыя апоры. Работнікі ўладкоўваюць пешаходныя і веладарожкі. На фінішную прамую выйшла будаўніцтва транспартнага кальца. Амаль гатовы падземны пераход для пешаходаў і веласіпедыстаў.

Майстар ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3» Алег Карняенка – дырыжор на будоўлі. Вызначае аб'ём работ на дзень, дае заданні, сочыць за якасцю выканання:

– Па вясне пачнем заліваць бетон, а сёння асноўная ўвага дэмантажу будынкаў і стварэнню земпалатна будучай аўтадарогі. Кожны дзень прывозім 1500 - 1800 кубоў пяску і грунту. Усё гэта трэба папластова ўшчыльніць. Пры зносе дамоў і гаражоў будаўнічыя адходы сартуем і ўтылізуем у спецыяльна адведзеных месцах.

Каманда выдатная, падкрэслівае Алег Анатольевіч, робіць усё максімальна хутка і без шкоды якасці:

– На працу ідзем з добрым настроем – разумеем, наколькі важны аб'ект будуем. Калі здалі першую чаргу, разгрузіліся праспект Міра і вуліца Касманаўтаў, сышлі заторы. Сам жыву на Касманаўтаў, раней па справах ці ў госці ехаў у Казіміраўку праз увесь горад. Доўга, нервова. Цяпер жа прыгажосць – можна выскачыць напрамую праз Спадарожнік. Ці тое яшчэ будзе, калі цалкам завершым дублёр і выйдзем да трыўмфальнай аркі. У цэнтр паедуць адзінкі, а асноўны паток будзе тут.

Завяршыць другую чаргу павінны ў жніўні. Хаця будаўнікі зараджаны справіцца раней. Трэцяя стадыя, дарэчы, ужо праектуецца, каб работы з сённяшняга ўчастка без спынення перайшлі на яе.

ДАВЕДКА

На будаўніцтва другой чаргі дарогі-дублера выдаткавана каля 40 мільёнаў рублёў, яшчэ 7 мільёнаў затрачана на падрыхтоўчы этап. Гэта без уліку сродкаў, прадугледжаных на выплату грамадзянам за іх знесеныя гаражы і іншую маёмасць.

ДАРЭЧЫ

Разгрузіць цэнтр Магілёва дапаможа і ўнутрыгарадская кальцавая магістраль катэгорыі А, якая злучыць вуліцы Каралева і Касманаўтаў. Над распрацоўкай перадпраектнай дакументацыі ўжо працуюць спецыялісты, паведаміў дырэктар ААТ «Інстытут «Магілёўграмадзянпраект» Сяргей Баранаў:

- Шасціпалосная магістраль даўжынёй больш за 3,5 кіламетра дапаможа знізіць транспартную нагрузку на цэнтр горада. Распачаць рэалізацыю грандыёзнага праекта плануецца ўжо сёлета.

 СБ