• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

У Мінсельгасхарчы расказалі, як засуха паўплывала на пасевы

20.06.2018
20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі расказалі, як засуха паўплывала на пасевы. Аб гэтым ішла размова ў міністэрстве на нарадзе з рэгіёнамі аб падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю 2018 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Няхватка вільгаці паўплывала на фарміраванне ўраджаю сельгаскультур у Беларусі. Таму сабраліся сёння разам з прадстаўнікамі нашай навукі, каб прыняць правільныя кіраўніцкія рашэнні, меры па перасяванні сельгаскультур, нарыхтоўцы травяных кармоў, захаванні ўраджаю. Акрамя таго, трэба прадугледзець закупку дадатковых азотных угнаенняў, набыццё неабходнай колькасці дызельнага паліва для перасявання", - сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц.

Паўднёвая частка Беларусі павінна ўжо рыхтавацца да ўборкі азімага рапсу, якую плануецца пачаць праз два тыдні, адзначыў міністр. На астатняй тэрыторыі неабходна ўнесці фунгіцыды, каб забяспечыць павышэнне ўраджайнасці, і таксама рыхтавацца да ўборкі азімага рапсу. "Неабходна ўлічыць асаблівасці гэтай сельгаскультуры. Трэба звярнуць увагу на падрыхтоўку тэхнікі да ўборкі рапсу і прыняць усе меры для таго, каб атрымаць добры ўраджай", - падкрэсліў міністр.

Ён таксама даручыў прыняць усе меры для таго, каб убраць сельгаскультуры на зерне, а найбольш пашкоджаныя пасевы - перасеяць кармавымі культурамі. "Трэба як мага хутчэй завяршыць работу па перасяванні. У Беларусі ёсць дастатковая колькасць насення, у асаблівасці проса. Таксама ёсць рэкамендацыя вучоных выкарыстоўваць для перасявання дыплоідныя сарты грэчкі", - адзначыў Леанід Заяц. Неабходна забяспечыць максімальны ўраджай ільну для загрузкі магутнасцей ільнозаводаў. Для гэтага трэба ўнесці азотныя ўгнаенні, мікраэлементы, забяспечыць да цвіцення ахову ад хвароб.

У нарадзе прынялі ўдзел вучоныя НАН Беларусі, якія далі рэкамендацыі па доглядзе пасеваў, падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю і сяўбы азімых культур. "Хацелася б, каб рэкамендацыі прадстаўнікоў навукі, якія прагучалі сёння, былі ўлічаны і прымяняліся на практыцы. Кіраўнікі на месцах павінны ў адпаведнасці з сітуацыяй прыняць эфектыўныя рашэнні", - сказаў міністр.

Таксама ў фармаце відэаканферэнцыі выступілі з дакладамі прадстаўнікі камітэтаў па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкамаў. Паводле апошніх даных, у Брэсцкай вобласці пашкоджана 52 тыс. га пасеваў, у тым ліку каля 42 тыс. га збожжавых, больш за 5 тыс. га кукурузы, 2,5 тыс. га лёну, амаль 1 тыс. га рапсу. Пашкоджаныя пасевы перасяваюцца пажніўнымі культурамі, плануецца перасеяць яшчэ каля 20 тыс. га. У рэгіёне пачалі ўжо ўборку азімага ячменю.

У Віцебскай вобласці пашкоджана 1,2 тыс. га лёну. Рапс пацярпеў у асноўным у раёнах Верхнядзвінска, Шаркаўшчыны, дзе ёсць цяжкія гліністыя глебы. Таксама пацярпелі яравыя збожжавыя. Вядуцца работы па ахове рапсу, праполцы кукурузы.

Ападкі за апошні час у Гомельскай вобласці выпалі толькі ў некаторых раёнах. Ад засухі загінула 63,5 тыс. га сельгаскультур, з іх 44,5 тыс азімых збожжавых. Больш за 18 тыс. га перасеяны ўжо, работа прадоўжыцца.

У Гродзенскай вобласці асабліва пацярпелі паўночна-заходнія раёны. Каля 38 тыс. га збожжавых плануецца ўбіраць на сянаж. Пацярпелі таксама пасевы лёну.

У межах 30 тыс. га пасеваў сельгаскультур пашкоджана ў Магілёўскай вобласці. Перасеяна 8,8 тыс. га. Будзе прынята рашэнне па перасяванні астатніх плошчаў.

З-за гарачыні ў Мінскай вобласці пашкоджана каля 40 тыс. га пасеваў збожжавых культур: азімыя - на плошчы больш за 30 тыс. га, яравыя - каля 8 тыс. га. Таксама засуха пашкодзіла да 3 тыс. га лёну.-0-