• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Лукашэнка расказаў, хто не хоча міру ва Украіне і ў якім выпадку Беларусь будзе гатова задзейнічаць армію

17.02.2023

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі расказаў, хто не хоча міру ва Украіне і ў якім выпадку Беларусь будзе гатова задзейнічаць армію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

 

"На агрэсію супраць Беларусі адказ будзе самы жорсткі"

 

 

"Я гатовы разам з расіянамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль што выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны ўчыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе самы жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар", - падкрэсліў беларускі лідар.

 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта датычыцца не толькі Украіны, але і іншых суседзяў.

 

Адказваючы на пытанне журналіста ВВС, ён нагадаў, што яшчэ да пачатку Расіяй спецыяльнай ваеннай аперацыі па тэрыторыі Беларусі з боку Украіны рыхтаваўся ўдар ракетнымі сістэмамі залпавага агню. "Гэта былі наўмысныя дзеянні ўкраінскага боку. Не ведаю толькі, навошта гэта трэба было. Яны ў першыя хвіліны былі падвергнуты ўдару з тэрыторыі Беларусі. Гэта было за некалькі хвілін - раніцай перад пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі", - сказаў ён.

 

Прэзідэнт нагадаў, што яшчэ з 2020 года Украіна фактычна першая ўвяла санкцыі адносна Беларусі, яшчэ нават да заходніх краін. "Не ЗША, не англасаксы, не Заходняя Еўропа. А, на жаль, наша родная Украіна. Неба закрыла, правакацыі пачалі рабіць, рыхтавалі баевікоў", - пералічыў кіраўнік дзяржавы.

 

Ён таксама нагадаў пра заявы заходніх палітыкаў, што Мінскія пагадненні былі выкарыстаны як магчымасць падрыхтаваць украінскую армію да вайны.

 

"Вы гаворыце - "уварванне". А я лічу, што не ўварванне. Гэта не ўварванне. Украінскія ўлады самі справакавалі гэту аперацыю. Вось такімі дзеяннямі. Я іх толькі некалькі назваў. Трэба было тады дамовіцца з Расіяй аб тым, каб не было гэтай вайны. Але ўсё было нацэлена, пачынаючы ў тым ліку з Мінскіх пагадненняў, каб развязаць вайну, - канстатаваў беларускі лідар. - Ніякага ўварвання не было. Я лічу, гэта абарона інтарэсаў Расіі і тых людзей, якія там жылі, - рускіх людзей".

 

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў аб дзеяннях украінскіх улад у Данбасе і краіне ў цэлым, уключаючы націск на рускіх і рускамоўных, гісторыю са спаленнем людзей у Адэсе: "Вось гэтыя падзеі на Данбасе не з Пуціна, не з Расіі пачаліся. Яны пачаліся як унутранае абурэнне ў самой Украіне. І штуршок гэтаму даў Майдан і ўцёкі - ад'езд Януковіча ў гэты момант на Данбас. Ён паехаў туды, каб з Данбаса аднавіць парадак ва Украіне. З гэтага ўсё пачалося. Пры чым тут Пуцін, пры чым тут Расія?"

 

Адказваючы на пытанне, ці варта было пачынаць спецыяльную ваенную аперацыю, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі глядзець з пункту гледжання таго, што вы нарошчвалі баявыя дзеянні з боку Украіны і рыхтаваліся да вайны, варта было. У мяне такое ж пытанне да вас: варта было пачынаць вайну ці лепш было б даць гарантыі бяспекі Расіі, якія яна ў вас запатрабавала на паперы... Што такое гэты дакумент... Нішто... Для вас - Захаду, Амерыкі, мы цяпер ужо ўпэўнены, - гэта нішто. Але тады Расія і Пуцін патрабавалі ад вас даць пісьмовы дакумент гарантый бяспекі, што з Украіны ці Еўропы, якая побач, не будзе ўчынена агрэсія супраць Расіі. А каб Расія была ўпэўнена, вы павінны былі пацвердзіць, што вы ніколі на тэрыторыю Украіны не ўведзяце ні ядзернай зброі, ні ракетныя падраздзяленні далёкага дзеяння. Пытанне: чаму вы паперку не далі Расіі? А таму, што вам гэта паперка не патрэбна была. Вам патрэбна была вайна".

 

Прэзідэнт упэўнены, што Украіна была толькі падставай для развязвання вайны, да якой штурхаў Захад, і перш за ўсё ЗША. Больш таго, там ёсць інтарэс да раздзялення Украіны. "Я маю на ўвазе вашы замашкі рукамі палякаў адабраць Заходнюю Украіну. Ну гэта ўжо будзе бойка на поўную моц. І тады вы мне не будзеце задаваць пытанне, будзем мы з тэрыторыі Беларусі наступаць ці не будзем. Вы Расію абвінавачваеце ў тым, што яна хоча адарваць кавалак Украіны. А гэта вы хочаце рукамі палякаў раздзяліць Украіну. Вось гэта будуць падзеі. Гэта ўжо маскі будуць сарваны з вас аж да пояса", - сказаў ён.

 

 

"Хочаце міру - давайце пачнём гаварыць пра мір. І гарматы перастануць страляць"

 

 

Кіраўнік дзяржавы заклікаў да мірных перагавораў: "Хочаце міру ва Украіне - давайце з заўтрашняга дня пачнём гаварыць пра мір. І гарматы перастануць страляць. Але вы ж гэтага не хочаце (Захад. - Заўвага БЕЛТА). Вы дачакаецеся таго, што ваенныя прыйдуць у Кіеў і адкруцяць палітыкам галаву разам з Зяленскім. Украінскія ваенныя прыйдуць у Кіеў і ўсіх на месца паставяць. Таму што яны там у мясарубцы, а вы (украінскія ўлады. - Заўвага БЕЛТА) бегаеце па Еўропе і пад апладысменты просіце нейкую зброю, знішчальнікі і іншае. Вы сёння вінаватыя ў эскалацыі. Сёння гінуць людзі. Давайце гэта спынім. Усё цяпер для гэтага ёсць. Не. Вы гэтага не хочаце. І я нават не скажу вы - Еўропа да гэтага гатова, яна ведае, што можа быць. Амерыканцы не хочуць гэтага. І нахілілі Еўропу, паставілі яе ў позу і робяць з ёй усё, што хочуць".

 

Вяртаючыся да пытання, ці магчыма "агрэсія" з боку Беларусі, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў: "Мы мірныя людзі. Мы ведаем, што такое вайна. Мы не хочам вайны. І мы ні ў якім выпадку не збіраемся ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны. Калі толькі вы адтуль не здзейсніце агрэсію на тэрыторыю Беларусі. Вось мой адказ. Ён дадзены даўно".

 

 

"Я павінен забяспечыць бяспеку краіны"

 

 

Прэзідэнт таксама нагадаў, што Расія - саюзнік Беларусі, у краін ёсць сумесная ваенная групоўка. Але нават пры гэтым Расія ніколі не прасіла, каб Беларусь пачала вайну супраць Украіны: "Расія ніколі мяне не прасіла, каб мы разам пачалі вайну супраць Украіны. Расія добра разумее, што ў мяне праблем шмат пад Брэстам, Гроднам і там на поўнач - з Літвой".

 

Беларусь у гэтым выпадку забяспечвае бяспеку на заходнім напрамку. "Там на Захадзе яны хочуць, каб мы пайшлі туды. І не толькі туды. Пажадана і ў Польшчу, і ў Літву, і ў Латвію. Але мы пойдзем толькі ў адным выпадку. Пакуль іншага я не бачу. У мяне найважнейшая задача - я павінен забяспечыць бяспеку краіны, перш за ўсё на захадзе", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што заяўляў аб гэтым яшчэ ў першыя дні пасля пачатку Расіяй спецыяльнай ваеннай аперацыі.

 

Аляксандр Лукашэнка агучыў даныя разведкі аб тым, што Захад хоча ўцягнуць Беларусь у вайну і літаральна марыць аб гэтым, што дало б магчымасць з улікам працягласці граніц Беларусі дадаткова расцягнуць фронт на 2,5 тыс. км, што ўскладніла б абстаноўку для войскаў Беларусі і Расіі.

 

"Правільны разлік. Але пусты, бесталковы. Мы вам гэтага шанцу не дадзім. Але калі толькі вы асмеліцеся ступіць на нашу зямлю, адказ будзе страшным. Заходнікі ведаюць, як і якой зброяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

 

Ён адзначыў, што ў Беларусі толькі ва ўмовах мірнага часу 75 тыс. у арміі. Але ў некалькі этапаў пры неабходнасці ва ўмовах вайны можна нарасціць яе колькасць да паўмільёна.

 

"Вайна нікому не патрэбна. Пакуль сёння няма пашырэння гэтай агрэсіі, давайце дамаўляцца аб міры. Усходні бок да гэтага гатовы", - заклікаў кіраўнік дзяржавы.

 

Разам з тым ён лічыць, што Захад і Украіна пакуль не гатовы да гэтага. "Вы не проста не гатовы, гэта было б для вас страшнай трагедыяй і катастрофай, калі б цяпер пачаліся мірныя перагаворы. Вам патрэбна вайна", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на яшчэ адзін момант - менавіта Захад адпраўляе ва Украіну ваяваць наёмнікаў, ужо больш за 20 тыс. чалавек. "Колькі Лукашэнка туды паслаў чалавек? Колькі? Нуль! І вы мяне папракаеце. Я туды не пасылаю людзей і не збіраюся гэтага рабіць. У якім выпадку я буду гатовы гэта зрабіць, я вам сумленна і шчыра адказаў", - адзначыў Прэзідэнт.

 

Адно з пытанняў датычылася магчымых апасенняў жыхароў Беларусі аб тым, што іх сыны могуць быць адпраўлены ваяваць ва Украіну. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што людзей, у прыватнасці ў прыграніччы, трывожыць, напрыклад, факт падзення ўкраінскай ракеты. "У іх трывога павялічылася. Калі ракета адтуль прыляцела, значыць, заўтра можа і салдат прыйсці. Аснова трывогі ў гэтым. А не ў тым, што я ні з сяго ні з таго збяру іх дзяцей і адпраўлю ва Украіну. Любы разважлівы беларус разумее, што я гэтага не зраблю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 

Больш таго, Прэзідэнт адзначыў, што ён і сам чалавек ваенны і ў яго трое сыноў. "Я цудоўна разумею іх (жыхароў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) і таму не збіраюся пасылаць туды людзей", - дадаў ён.

 

 

"Дыялог пра мір трэба весці з ваеннымі Украіны"

 

 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, як у мінулым годзе арганізоўваліся перагаворы паміж Украінай і Расіяй. Прэзідэнту ўдалося пераканаць украінскія ўлады пайсці на дыялог з расійскім бокам. На тэрыторыі Беларусі ўдалося арганізаваць пару раўндаў перагавораў. Чарговая сустрэча адбылася ў Стамбуле, тады бакі рыхтаваліся заключыць мірны дагавор. Але ўкраінская дэлегацыя сарвала дамоўленасці.

 

"Дык хто не хоча міру? - задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. - Калі б удалося дасягнуць міру, праз 5-7 гадоў гэтага б (адмовы ад дамоўленасцей. - Заўвага БЕЛТА) не адбылося. Таму што гэта навука была ўсім - і аднаму боку, і другому. Вайна паказала многае".

 

Некаторыя лічаць, што Расія не можа перамагчы ў гэтай вайне, заўважыў кіраўнік дзяржавы. Але ў яго іншы пункт гледжання. "Цуд можа здарыцца, што Расія не пераможа. Але Расія ніколі не прайграе вайну. Ніколі. І амерыканцы першымі сказалі: у жыцці не было і не будзе, каб ядзерная дзяржава, прытым у ядзерных адносінах наймацнейшая ў свеце, прайграла гэту вайну", - сказаў Прэзідэнт.

 

"Калі ўжо абсалютна адкрыта, мой пункт гледжання: заўсёды ёсць з кім гаварыць пра мір. Думаю, як бы дзіўна гэта ні здаецца, гэты дыялог трэба весці - я перакананы ў гэтым - з ваеннымі Украіны. Ваенныя Украіны маюць крыху, мякка кажучы, іншы пункт гледжання і пазіцыю ў адрозненне ад палітыкаў і Прэзідэнта Зяленскага. І Уладзімір Зяленскі гэта добра ведае. І маючыя адбыцца, як многія ўжо кажуць, перастаноўкі ў ваенным блоку сведчаць аб гэтым. Самыя прафесійныя ваенныя больш за ўсё ўпэўнены, што вайну трэба спыняць. Вы ўбачыце, што нам усё роўна - і расіянам перш за ўсё - давядзецца дамаўляцца з ваеннымі Украіны. І ніякія палітыкі, а вы бачыце, якія там палітыкі - з ўсяго свету сабралі гаворачыя галовы. Гаварыць, ведаеце, - не справу рабіць. Гаварыць усе ўмеюць, а вось пайсці паваяваць на фронце або хаця б туды з'ездзіць у час бою - яны там не былі. Арастовіча беднага выкінулі, а там усе такія гаворачыя. Ваенныя гэта разумеюць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Там жа кідаюць людзей як гарматнае мяса. І яны гатовы мільёнамі ўкраінцаў ахвяраваць - цытата. Ваенныя гэта разумеюць. І ваенныя змогуць дамовіцца".

 

 

"З Расіяй можна дамовіцца аб неверагодным"

 

 

"З Расіяй можна дамовіцца аб неверагодным. Кропка. Аб неверагодным. Але трэба рабіць крокі ў гэтым напрамку. І не ставіць папярэднія ўмовы перад тым, як сесці за стол перагавораў. Паставіўшы папярэднія ўмовы, накшталт сыходзьце з тэрыторыі, якую вы захапілі, - нібыта справядліва, але ў дадзеным выпадку гэта сведчыць аб тым, што яны не хочуць садзіцца за стол перагавораў. Таму арыентавацца трэба на ваенных, калі палітыкі гэтага не разумеюць, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - Але як толькі нейкая іншая сіла (я лічу, што гэта ваенныя), сядзе за стол перагавораў, пагледзіце, як загавораць палітыкі і кіраўніцтва Украіны".

 

"Цяпер эйфарыя: "агрэсар" і іншае. Нібыта справядліва. І гэтак далей і да таго падобнае. Цяпер гэта так. Але міне час (людзі, бачыце, у якой сітуацыі - і не толькі ў Данбасе, але і ва Львове) - і людзі ў яго (Уладзіміра Зяленскага. - Заўвага БЕЛТА) спытаюць: "Чаму мы ўсё жыццё павінны мучыцца, дзеля чаго, што далей..." А далей у Зяленскага - да апошняга ўкраінца вайна і гэтак далей. Каму гэта падабаецца. Таму як дальнабачны палітык, калі можа крыху наперад паглядзець, ён не павінен бегаць па Заходняй Еўропе і прасіць F-16 ці яшчэ якія-небудзь знішчальнікі і РСЗА далёкага дзеяння. А павінен думаць аб тым, як спыніць вайну, каб не загінулі яшчэ там 100-200-300 тысяч украінцаў. Вось аб чым сёння размова, - падагульніў беларускі лідар. - Проста Зяленскі павінен разумець: ён Прэзідэнт, гэта яго краіна, яго дзяржава, і трэба праводзіць самастойную палітыку. Не можаш (тое, што ён не можа, мы гэта бачым) - значыць, будуць рабіць іншыя. Хто - я ўжо сказаў. У гэтай сітуацыі. Магчыма, яна зменіцца і іншыя людзі будуць дамаўляцца. Любая вайна заканчваецца мірам, дык давайце зараз яе скончым. Цяпер больш выгадныя ўмовы для Украіны. Скончыць гэту вайну і далей рухацца. І тут Украіну будуць падтрымліваць усе. А я буду першым. Калі мы будзем сядзець за сталом перагавораў. Дзе хочаце".